January 3rd, 2011

breakfast

Краіна ў кратах

Сёньня, калі ўся ўвага палітычна ангажаваных мэдыяў накіраваная на 700 затрыманых і 25 абвінавачаных за атаку на дом ураду, хочацца нагадаць аб тым, што сьпіс палітычна зьняволеных у краіне троху шырэйшы.

Сёньня спаўняецца чатыры месяцы з пачатку "справы анархістаў". Чатыры чалавекі сядзяць за кратамі і чакаюць судоў па абвінавачаньні ў зьдзяйсьненьні розных актаў супраціву дзяржаве цягам 2009-2010 году. Падчас радыкальных палітычных пэрфомансаў не пацярпела ніводная жывая істота.

Collapse )

На шыбы і фаеры ўлада адказала дзесяткамі вобшукаў і допытаў, зьбіцьцём, перазатрыманьнямі. Мікола Дзядок каля месяцу правёў у турме без афіцыйных абвінавачваньняў. Ігара Аліневіча выкралі ў Маскве ў абыход законаў аб экстрадыцыі. Усяго праз "крыміналку" прайшло больш за дзесяць чалавек, засталіся ў турме чацьвёра. За іх лёсам сочаць тут.

А яшчэ ёсьць "тэрарыст" Мікалай Аўтуховіч, які ў 2009 атрымаў свой другі турэмны прысуд -- "5 год за 5 патронаў" (першапачатковыя абвінавачваньні ў замаху на жыцьцё старшыні мясцовага выканкаму разваліліся ўшчэнт). І бабруйскі АГПшнік Андрэй Бандарэнка, асуджаны за "махлярства". Яго, як і Аўтуховіча, міжнародныя арганізацыі лічаць вязьнем сумленьня.

Дапамога затрыманым 19 сьнежня зараз на слыху. Але ж ня варта забывацца і аб астатніх -- тых, хто сьвядома ці несьвядома апынуўся на шляху дзяржавы.

Цяжка сказаць, што можна зрабіць. Адвакаты рабілі і робяць сваю не дужа ўдзячную справу. Сваякі камплектуюць перадачы ды чакаюць вяртаньня сваіх блізкіх. А якая яшчэ дапамога "звонку" патрэбная тым, хто сядзіць? Можна спытаць у іх саміх. Адрасы для лістоў і паштовак -- тут.

На разьвітаньне хачу нагадаць знакамітыя словы Юджына Дэбса:

Пакуль ёсьць прыгнечаная кляса -- я ў яе шэрагах.
Пакуль ёсьць злачынцы -- я адзіны з іх.
Пакуль хоць адна душа пакутуе ў турме -- я не свабодны.



Свабоды і неабыякавасьці вам усім у новым годзе!