December 8th, 2009

breakfast

Мэдыйныя псыхозы

Беларуская блёгасфэра гудзіць. Гаўняная нататка ў "Белгазэце" справакавала закрыцьцё майстэрні арт-тэрапіі, і звальненьнепакуль толькі пагрозу звальненьня дзяўчыны, якая пяць год займалася гэтым праектам.

Устаўлю свае пяць рублёў.

Зь якасьцю тэксту пытаньняў няма -- тэкст гаўно. Прафэсыйны ўзровень "Белгазэты" таксама даўно ўжо просты і ясны, як кітайскі гадзіньнік: вонкава выглядае прыстойна, а калупнеш -- застанецца купка таннага друзу.

Але непрыемна ўражваюць водгукі Небыдла(tm) кшталту "Журналістаў на мыла", "усе яны вылюдкі" і г.д.

Гэты пафас -- дакладнае адлюстраваньне прымітыўнай логікі, супраць якой ён нібыта і накіраваны.
Абурэньне. Эмоцыі. Вораг відавочны. Страсянем інтэрнэт сотняй праклёнаў, і сьвет палепшыцца! Ололо!

І ніякай патрэбы ў іншых пунктах погляду. Ніякай цікавасьці да сапраўдных праблемаў. Статак, наперад!

А для сапраўднага (не БГ-шнага) журналіста тут мора працы. Паўтузіны вострых пытаньняў, адказу на якія няма:

1) Які будзе далейшы лёс супрацоўніцы? Ці сапраўды яе звольняць і зь якой фармулёўкай? Ці здолее яна працягнуць працу ў іншых шпіталях?
2) Ці было "абкладаньне х..ямі" па тэлефоне з боку галоўнага рэдактара газэты, як пра тое напісала "ахвяра публікацыі"? Як ён камэнтуе сітуацыю?
3) Ці былі раней размовы аб закрыцьці праекту? Якое стаўленьне кіраўніцтва склалася за пяць год? Чаму?
4) Ці будзе зачынены праект? На чым увогуле грунтуюцца (ад чаго залежаць) у Беларусі рашэньні аб падтрымцы ці закрыцьці такіх праектаў? Ці ёсьць аналягі у іншых інтэрнатах? Якія схемы рэінкарнацыі праекту мажлівыя пасьля ягонае "забароны"?


Цікава, ці хоць адно выданьне зоймецца гэтымі пытаньнямі? Ці проста выступяць як рэтрансьлятары прымітыўных эмоцый, гістэрык і віску блёгасфэры? Тым больш, што сымпатый да "БГ" у "калег па цэху", наколькі я разумею, няшмат...

Можна лічыць, што гэта й будзе тэстам на прафэсыяналізм для ўсіх выданьняў, што напішуць аб праблеме. А вы, даражэнькія блёгеры, перш чым вішчаць аб тым, што "журналісты казлы, блёгасфэра сіла", задумайцеся, ці разбіраецеся вы ў журналістыцы хоць троху лепей, чым сьвіньня ў мандарынах...

Што да канкрэтна хлопца -- аўтара нататкі, то ён ужо атрымаў сваё. Адна з самых страшных для журналіста сітуацый -- калі з-за ўласнага непрафэсыяналізму/невыхаванасьці, спалучаных з чужой дуратой, атрымліваюцца невясёлыя наступствы.

Аб гэтым варта казаць услых, каб іншыя не паўтаралі. Але займацца сустрэчным цкаваньнем -- дурная справа, якая не дапаможа нікога перавыхаваць і нікому ня зробіць гонару. Лепш прыглядзіцеся ўважліва да сапраўдных герояў гісторыі. Якія ціхенька сядзяць у сваіх кабінэтах і працягваюць прымаць рашэньні.